САЛАМІ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,4 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—6 м, спадзістыя, пад лесам і хмызняком, часткова разараныя. Пойма шыр. 10—300 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя, на ПнЗ, Пн і У сплавінныя. 3 залівы. Дно плоскае, у прыбярэжнай зоне да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Зарастае. Упадае ручай з воз. Ляшчынава. Пасяленні баброў.
т. 14, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)